НАВУКО́ВЫ КАМІТЭ́Т ПА ПРАБЛЕ́МАХ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ (Scientific Committee on Problems of the Environment; СКОПЕ),

адзін з камітэтаў Міжнароднага савета навуковых саюзаў. Засн. ў 1969 з мэтай аб’яднання і каардынацыі міжнар. дзейнасці па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Займаецца зборам, апрацоўкай і распаўсюджваннем інфармацыі па зменах у навакольным асяроддзі пад уплывам дзейнасці чалавека і вывучае ўплыў гэтых змен на чалавека; распрацоўвае метадалогію ацэнкі параметраў навакольнага асяроддзя; забяспечвае аператыўнай інфармацыяй навук. цэнтры і арг-цыі па вывучэнні навакольнага асяроддзя і інш. У рабоце к-та прымаюць удзел 35 краін-членаў, 22 саюзы, навук. к-ты і асацыяцыі. Вышэйшы орган СКОПЕ — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады, паміж сесіямі асамблеі яго дзейнасцю кіруе выканаўчы к-т з прадстаўнікоў розных краін. У 1981 у Мінску адбыўся міжнар. семінар СКОПЕ—ЮНЕП паводле праекта «Дынаміка экасістэм пераўвільготненых зямель і малых прэснаводных вадаёмаў».

т. 11, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)